УЛАЖЭ́ННЕ АБ ПАКАРА́ННЯХ КРЫМІНА́ЛЬНЫХ І ПАПРА́ЎЧЫХ 1845—85,
асноўная крыніца дзеючага крымінальнага права ў Рас. імперыі ў 1846—1917. Кадыфікацыя ўлажэння пачата М.М.Спяранскім і завершана ў 1845. Уведзена ў дзеянне з 1.5.1846. Неаднаразова перапрацоўвалася і дапаўнялася, каб прыстасаваць устарэлыя нормы да новых умоў. У рэдакцыі 1885 дзейнічала да 1917. Большая частка раздзелаў прысвечана ахове грамадска-паліт. ладу дзяржавы. Усе крымін. правапарушэнні падзяляліся на злачынствы і ўчынкі. Сістэма пакаранняў была крайне суровая. Меры пакарання падзяляліся на 2 асн. разрады: крымінальныя, спалучаныя з пазбаўленнем правоў стапу (смяротная кара, ссылка на катаргу, на пасяленне), і папраўчыя (аддаванне ў арыштанцкія роты, зняволенне ў турму і інш.), 11 родаў і 35 ступеней. Асобна прадугледжваліся пакаранні для асоб, якія належалі да саслоўяў, непадлеглых цялесным пакаранням (дваране, купцы вышэйшых гільдый і інш.), і для ўсіх інш. асоб, да якіх ужывалася біццё розгамі, бізунамі і да т.п. Артыкулы аб дзярж. злачынствах (раздз. 3) прадугледжвалі пакаранні ў выглядзе пазбаўлення ўсіх правоў стану і, апрача таго, смяротную кару, ссылку на катаргу (пажыццёва або на 20 гадоў) і інш.
т. 16, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)